Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/307

Гэта старонка не была вычытаная

VI

Зьбеглі многія леты за час доўгенькі гэты;
Многа хмар пераехала небам;
Той радзіўся, хрысьціўся, той навек паваліўся,
Той шоў з хаты за шчасьцем, за хлебам.

Лет дзесятак нялёгка пражыў Янка далёка
Ад месц тых, дзе яшчэ бегаў дзіцем.
Але дзе ён ня ходзе, нуда песьню заводзе,
Не дае свайго кута забыці.

З нізкай прызбай хацінка, шнур з вясёлай збажынкай,
Ці шуміць лес, ці рэчка плюскоча,
І зямелька, і зоры, ўсё аб родным гавора,
Спаць ня раз не даюць і уночы.

Жыў і ўсё-ж не спаткаўся з доляй тэй, к якой рваўся,
Ці ня лепей было сядзець дома?
сабраўся ў дарогу к свайму Янка парогу,
Не гаворачы слова нікому.

Ідзе, ногі зьмяняе, ў сэрцы радасьць такая,
Песьняй свойскай душу пацяшае;
Толькі горы і долы, і паляны, і сёлы
Ўсё чужыя з падскокам мінае.

V

Эй, вы, родныя нівы! Эй, ты, бор гутарлівы!
Эй, вы, ўбогія родныя вёскі!
Вас да самай магілы любіць трэба што сілы,
З вамі гэтак прыгожы сьвет боскі!

Нашто скарбы чужыя, калі дома такія
Ўвакруг з нашым жыцьцём зіхацяцца?
Толькі трэба умеці злое ўсё адалеці,
Толькі трэба бядзе не давацца.

Працай шчырай і знаньнем гору справім скананьне;
Праўдай лёгка няпраўду змагаці,
І на вузкіх на гонях пры сваіх валох, конях,
Ой, шмат можна чаго даказаці!