Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/308

Гэта старонка не была вычытаная

І ты, брат сьлёзнавокі, што ў сьвет рвешся далёкі,
Вазьмі толькі кругом агляніся!
Ці-ж ня праўда, як сонца, што мы ў нашай старонцы
З усім неяк зрасьліся, зжыліся?

Пух сьняжаны зімою, шчэбет птушак вясною,
Летам поля краса, шум ігрушы;
Ўвосень сьпелая ўрода і шнуркоў, і гародаў,
Гэта ўсё толькі камня ня ўзруша.

VI

Прэць Янук пехатою, — свой кут не за гарою;
Сэрца б‘ецца, як выскачыць хоча.
Вот і вёска, вот брама, стаіць хатка таксама!
Вот вашоў, „пахвалёны“ бармоча.

К яму зараз у хаце: „чаго хочаш, мой браце?
Як відаць, мусіць ты заблудзіўся“.
Янка глянуў, аж млее, пытаць сьмее, ня сьмее:
Людцы добрыя, я тут радзіўся!

Тут мая… наша хатка, тут мае — бацька, матка,
Мая моладасьць тут уплывала“.
А яму зноў зьнянацку: „на тым сьвеце твой бацька,
Ўтрымаць хатку сіл матцы ня стала.

Яна ходзе, жабруе, пад вугламі начуе,
Ўспамінае і мужа і сына.
Ну, чаго так стаў бледны? Бачым — бедны, ты бедны!
А ўсё-ж месца няма тут, дзяціна“.

Як кляшчамі, ня міла Янку штосьці здушыла;
Вышаў з хаты са слоўцам „бадзяка“,
І на прызбу зваліўся, сьлязьмі горка заліўся,
Аж груган недзе ў высі закракаў.

VII

Плача Янка крывава, — думкі, шчасьце і слава
Недзе зьбеглі у чыстае поле; —
Ціха ўстаў, азірнуўся і — ў карчомку папхнуўся
Заліваць сваю долю-нядолю.