Няма хлеба, няма солі, —
Чужому рабі;
Няма шчасьця, няма долі; —
Вось тут і жыві!
Во зіма, — мароз вялікі, —
Дровы ў Менск цягні;
Дзеткі зьмёрзьлі: енкі, крыкі, —
Вось тут і жыві!
Прайшла зімка, цёпла стала,
Вясна на зямлі,
А тут корму, хлеба мала, —
Вось тут і жыві!
Вясна, лета — час рабочы:
Ары, касі, жні;
Пот крывавы заліў вочы, —
Вось тут і жыві!
Прайшло лета, прышла восень, —
Падаткі нясі,
А дзяцей абдзёртых восем! —
Вось тут і жыві!
Вот і будзь шчасьлівы, браце,
Долі не кляні:
Холад, голад, бяда ў хаце, —
Вось тут і жыві!
Працуй цяжка дні і ночы,
Пагарду цярпі;
Сказаў праўду — дзяруць вочы, —
Вось тут і жыві!
У палацы п‘юць, гуляюць,
Сьвецяцца агні:
Мяне-ж з хаты выганяюць, —
Вось тут і жыві.
|