…Не! досыць, досыць! трудна далей
Цярпець, ціхія сьлёзы ліць!
Нічога мне, ой не, ня далі,
А ўзялі ўсё, чым мог-бы жыць.
Нявольнік, кланяцца век трэба
Людзям; век з потам кроў цячэ,
Няма патолі і ад неба:
То студзе, то сьпекай пячэ.
Пярун у хатку б‘е крывую,
Пасевы нішчыць суш і град,
Авечку воўк задраў старую,
Скрыпіць нямазан панарад.
Худзее жонка ў сьлёзах, працы,
Трасе дзюравым каптаном…
Гэй, ты, што песьцішся ў палацы,
Меў-ж літасьць над маім жыцьцём?!
Я сам… мне ногі гное лапаць,
Аборы ўелісь да крыві…
О, кроў! калі-ж ты кінеш капаць?
О, доля, раны зажыві!
Грызецца зрэбная кашуля,
З сярмяжкай трудна пагадзіць, —
Зімой ад сьцюжы не атуле,
А ўлетку горача хадзіць.
Аблазяць спрэўшыя ад поту
Пад шапкай дрэннай валасы,
Нажыў удушша і ламоту
Ад тапара, сахі й касы.
На ўгры пабіў мазоль мне рукі,
Век цэлы пыл за акрыцьцё…
О, колькі гора, колькі мукі
Нясеш, паганае жыцьцё!
|