Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

ПАЛАЦ

Стогнуць пад мурам халодным таполі;
Крыліцца ў ветках начніца;
Моляцца совы па днеўным прывольлі;
Вецер калыша званьніцай.
Сьцелюцца мжакі асеньняй валокны;
Вечар нялюдзен, трывожан;
Шыбамі звоняць палацавы вокны,
Ценямі мур упрыгожан!
Высакі, бледны адвечныя сьцены,
Мары-слупы чарадою;
Важны дзядзінец, трава па калена;
Сад з агародай жывою.
Дымна замглелі, як блудныя вогні,
Ў вёсцы далёкай лучыны…
Весела, ярка ў палацы сягоньня,
Хвіляй-мінутай — гадзіна.
Шыбы зардзелі блысканьнем няўхватным
Кружацца пары, мігаюць;
Душы да славы ўсябратняй няздатны,
Вокліка суму ня знаюць.
Бел, як астрог сярод пусткавай пашы,
Думку палац неспакое:
Штось да яго парывае і страша;
Зводны аздобай пакоі.
Неўглядзь за поўнач насьпела часіна,
Сон на пакоі паў ройма…
Досьвета ў вёсцы далёкай лучыны
Далей мігцяцца пасвойму.