Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/203

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ СІРОТКІ

Трэба мне, сіротцы, доля,
Ой, трэба:
Няма хаткі, няма поля
І хлеба.

На тым сьвеце бацька, маці,
Ў магіле —
Сама я запрацаваці
Ня ў сіле.

Хто-ж адзецца, пракарміцца
Паможа?
Дзе падзецца, прытуліцца,
Мой божа?

Пайду к дрэўцу прытулюся,
Заплачу;
К зоркам думкай памалюся
Бядачай.

Пашлю скаргу, хай нясецца
За мора,
Як мне цяжанька жывецца,
Гавора.

Мо‘ ня льлюць там сьлёз напрасна
Паводкай,
Маюць літасьць над няшчаснай
Сіроткай.

Стогне бор, віхры зрываюць
Плёт з стрэхаў, —
Мае жальбы заміраюць
Бяз рэха…