Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/265

Гэта старонка не была вычытаная

На двор мы выбеглі ўсе гурмам:
Ляціць наш Юрка, як здань, белы,
У сенцы, ў дзьверы валіць штурмам,
Як ліст ад ветру, дрыжыць цэлы;
Убег у хату, дух ня зьмене,
Як-бы у чортавай быў жмені.

Мы ўсе яго давай у хаце
Прыводзіць к ладу і спакою,
Давай сьмяліць, давай пытаці:
— Што, гавары, было з табою? —
Той, страх змагаючы авечы,
Пляце няствораныя рэчы:

— О, Езу! божа мой вялікі, —
Ён так расказ пераплятае:
Я чуў няземскія там крыкі,
Была там сіла незямная!
З усякім страхам я пазнаўся,
А з гэткім век не спатыкаўся!..

Іду ў манеж я той Рыгораў,
Прышоў і мацаю у куце,
І думаю сабе ўжо скора
Да вас з мякінаю вярнуці;
Аж калі хапну я за нешта —
І сіл маіх прапала рэшта!

Згубіў і памяць, і адвагу,
Дрыжу, хістаюся як колас,
І не магу, і даў-бы цягу,
А тут — бух! нейкі страшны голас:
Ні чалавечы, ні сабачы, —
Люцыпар з пекла ня іначай!

Сабраў я тут астаткі сілы,
Ды як нагамі не задыдню!
Хоць-бы схавацца да магілы,
Але ўцячы ад гэтай злыдні!
І прыляцеў к вам гэтак, брацьці,
Вы-ж прэце чорта выганяці! —