Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

З КУТКА ЖАДАНЬНЯЎ

З цэлым народам гутарку весьці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцьця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсьці,
Гэта адно мне падпорай жыцьця.

Песьню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасьцём —
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуцьцём.

Што не загубяць крыўды жывую
Душу народу, што ўстане са сну —
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.

К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасьвецьця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям —
Гэткай шукаю сьцежкі на сьвеце,
Гэткаму богу і душу аддам.

За лепшу долю роднага краю,
За сваіх брацьцяў ў сьвятой барацьбе —
Гэтакай толькі сьмерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.