усіх чыншавікоў сталі чысьціць. Не чакае, пакуль суды пакончацца, а наперад за ўсіх заставы кладзе і высяляе; з намі таксама вышла.
СТАРАЦ
Ведаю, ведаю, пані гаспадыня! Старыя парадкі раскідаюць па сьвеце, а новых, лепшых, нешта ня відаць і ня відаць.
ДАНІЛКА
Як уважаю, то мусіць толькі я адзін новым парадкам на сваёй новай скрыпцы зайграю.
ЗЬЯВА IV
ТЫЯ-Ж І ЗОСЬКА
ЗОСЬКА
Аа! Дзядочак к нам на госьці прыплёўся.
СТАРАЦ
Так, так, мая дачушка! Прыплёўся божым словам вас пахваліць; зараз далей паплятуся з тым самым.
ЗОСЬКА
Добра, што я дзедку тут застала, — маю просьбу да цябе.
СТАРАЦ
Слухаю, мая дачушка, слухаю. Хэ-хэ-хэ! Думаў, што я толькі ўсё мушу прасіць, ажно, як бачу, то і ў мяне прасіць нечага хочуць. Хэ-хэ-хэ! Яшчэ распанею з гэткага гонару.
ЗОСЬКА
Дзедка заўсёды жартуе з мяне, а я толькі буду прасіць таго, чаго ўсе людзі цябе вечна просяць.
ДАНІЛКА
Ну, значыць прапала дзедава панства!
ЗОСЬКА
На, вось табе, дзедачка, кветак трошкі, а ты памаліся… здаровейка…