Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

СТАРАЦ

За чыё, мая дачушка: за татава, матчына, а можа?..

ЗОСЬКА

(нахіляючыся да старца, каб маці і Данілка ня чулі)

Памаліся, дзедка, за здароўе нашага паніча.

СТАРАЦ

Добра, дзетачка! Я за ўсіх малюся, за каго толькі просяць — і за жывых і за нябожчыкаў. Толькі вось, што я з тваімі гэтымі кветкамі рабіць буду?

ЗОСЬКА

Як будзеш, дзедка, у цэркаўцы, дык на абразок іх павесь.

ДАНІЛКА

Або к сваёй торбачцы прышпілі, каб харашэй выглядала.

СТАРАЦ

Праўда, сынку мой. Як прыгажэй будзе выглядаць, то можа і кідаць болей будуць.

ЗОСЬКА

Абы толькі не каменьнем, дзедка.

СТАРАЦ

Хэ-хэ-хэ. Усяк бывае, дзеткі мае, усяк! Хто хлебам, хто каменем, а кожны нечым ды кіне. (Зьбіраецца выходзіць).

МАРЫЛЯ

Ужо, дзедка, выходзіць ад нас?

СТАРАЦ

Ужо, пані гаспадыня, ужо! Не сядзіцца мне доўга на адным месцы. І так па капельцы ўсюды гора назьбіраеш чалавечага, ажно несьці цяжанька, а што-ж бы было, каб даўжэй заседжваўся ў ваднэй хаце? Хэ-хэ-хэ! Шчасьліва аставацца! Слава хрысту!

УСЕ

Слава! Слава! І на векі вякоў.