Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

ЗОСЬКА

Але нас крануць баяцца: ён усё іх сонцам адстрашвае, — толькі сыкаюць і выкручваюцца. Мінулі мы гэта балота вужачае, ідзём, — ажно ўвайшлі мы ў цёмны-цямнюсенькі, дзікі лес. Вецер у галінах трашчыць і сьвішча, зьвяр‘ё ўсялякае вые, зубамі ляскоча, на нас кідаецца…

ДАНІЛКА

Божухна! Зьвяр‘ё ўсялякае! Вось жудасьць! Я, мусіць памёр-бы там са страху.

ЗОСЬКА

Але крануць ня сьмеюць — ён і іх, як вужак, усё сонцам адганяе. Перайшлі мы гэты зьвярыны лес, ідзём — ажно усходзім на вялікае — вялікае поле пяшчанае — віхор толькі арэ ды барануе, ды толькі дзе-ні-дзе на полі гэтым тырчаць пасохшыя вольхі, вербы, асіны. Па гэтым дзярэўі — з аднаго на другое — пералятаюць птушкі нейкія чорныя, такія страшныя, — жудасна і сказаць! Да нас падлятаюць, распускаюць кіпцюры, разьзяўляюць глюгі, — здаецца, разьдзерці і глынуць нас хочуць.

ДАНІЛКА

Ах, як страшна! Балазе, што хоць мяне ня глынулі.

ЗОСЬКА

Але нічога: яго — нашага павадыра — і сонца баяцца. Мінулі гэта поле птушынае, ідзём. Нарэшце затрымаліся ў тым месцы, дзе вясёлка спускалася. Тут ён ізноў так кажа: — „Ідзеце за мной сьледам па гэтай шматкалёрнай дарожцы!“ Мы ўзьдзівіліся, але што ты зробіш? — пайшлі. І падымаемся што раз выжэй, выжэй, мінулі хмары, воблакі, аж да самых зорак забраліся, а там, па млечнай пуціне, з зоркі на зорку пераскакваючы, цягнемся далей; а зоркі хоць сьвецяцца, але не пякуцца: як па кветачках гэтых ступаем па іх…

ДАНІЛКА

А ў ногі не калоліся гэныя зоркі?

ЗОСЬКА

І прышлі мы ў нейкую харошую краіну, якой я ў жыцьці ня бачыла, ня чула і ня сьніла. Зіхацістыя кветкі скрозь рас-