Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

сыпаны, як тыя зоркі, што мы ішлі па іх: сады нейкія нянаскія так цьвітуць, так цьвітуць, куды прыгажэй, як нашы вішні ды яблыні! На гэтых садох калышуцца птушкі райскія — пер‘е іх, як брылянтамі ўсыпана і дыямэнтамі; а пяюць яны — мільён салавейкаў нашых так не патрапіць. У садох па далінках рэчкі бягуць, а вадзіца так пераліваецца, як-бы сонна ў тых шкелках, што мы бачылі пры ліхтарох у цэркаўцы!.. Ідзём гэтым садам-раем, ды ідзём, ажно калі паглядзім!.. Стаіць палац відам ня віданы, слыхам ня слыханы; увесь зіхаціць, як-бы з самага сонца быў зроблены: сьцены залатыя-залатыя, а страха бліскучымі маланкамі пакрыта. Увайшлі мы ў гэны палац, азіраемся навокал, і што-ж? — На самым пачэсным месцы сядзіць сьвяты спас, а каля яго матка боская, сьвяты Юр‘я, Міколка і Ільля!

ДАНІЛКА

Нават Ільля і Мікола! Вось дык дзіва!

ЗОСЬКА

І шмат, шмат, усялякіх сьвятых меншых і большых! Падышлі мы к спасу, а ён, добранькі, і кажа: — „Годзе вам на зямлі пакутаваць, прышла ўжо пара са мной вам разам панаваць! Сьвяты Пётра, — тут паказваў ён на гэнага, што нас вёў, — будзе над вамі апеку мець на векі вечныя“… (Пауза).

ДАНІЛКА

Ну, а далей што было?

ЗОСЬКА

Нічога! Тут я прабудзілася.

ДАНІЛКА

Шкода, што мы там не асталіся. Там-бы можа і скрыпку памаглі скарэй зрабіць.

ЗОСЬКА

Мамка, ці ты ўсё чула? Ну, як патвойму: добры сон, ці не?

МАРЫЛЯ

Чаму ня чула. Добры сон, вельмі добры сон! Бог яшчэ на нас, як відаць, не забыўся, а я думала…