Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/190

Гэта старонка была вычытаная

МІКІТА

Оей! Оей! Ужо ломяцца. Меджду прочым, мадам-сіньёра і вашародзіе, сядзеце або стойце спакойна: вы мае госьці і вам волас з галавы не спадзе. (Мацнейшы стук у дзьверы.) Оей! Оей! Куды тут што падзець. (Совае рэвольвэры асадкамі ў адну і другую руку даме). Меджду протчым, мадам сіньёра, патрымайце пісталеты. Я растыцкаю куды-небудзь пляшкі. (Хапаецца зноў за бутэлькі. Трэск ламаных дзьвярэй). Меджду протчым, мамаша, кіньце абразы і прыце хутчэй па портфэлі, што летась схавалі.

(ГАНУЛЯ выбягае і пасьля па аднаму зносіць портфэлі. МІКІТА хапае ў дамы рэвольвэры ў абедзьве рукі за рулькі, сэкунду-другую бегае па хаце, пасьля меціцца бегчы з настаўленымі рэвольвэрамі ў дзьверы, але ўваходзяць і спатыкаюцца з ім на парозе: НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ, ДВУХ ПАТРУЛЬНЫХ, ГРАМАДЗЯНІН, у якога выразана кусок барады, і СЬПІЧЫНІ).

ЗЬЯВА VIII

ТЫЯ-ж — НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ — ДВУХ ПАТРУЛЬНЫХ — ГРАМАДЗЯНІН — СЬПІЧЫНІ

НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ

(спаткаўшы на парозе Мікіту з выстаўленымі рэвольвэрамі)

Стаць! Ні з месца! Рукі ўверх! (МІКІТА, адступіўшы колькі крокаў назад, выцягвае ўверх рукі). Гэта што ў вас у руках?

МІКІТА

(то апускаючы, то падымаючы пачарзе рукі і згодна з гэтым паварачваючы то ўправа, то ўлева галавой)

Гэта… Гэта… ваша чырвонае благародзіе… гэта… як яно… качарэжкі! даліпан, качарэжкі!

НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ

Качарэжкі! Ну, палажэце іх на стол. (МІКІТА кладзе. НАЧАЛЬНІК, прыгледзеўшыся да МІКІТЫ). Але мы, здаецца, з вамі знаёмы?

МІКІТА

(падазрона ўзіраючыся на Начальніка)

Калі вашай чырвонай міласьці падабаецца, то мы знаёмы; самдзеле знаёмы. Я надта рад з гэткага, меджду протчым, першага знаёмства.