Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/196

Гэта старонка была вычытаная

сказана. Зірнеце у гэтыя паперы, ваша таварыскасьць. Як прачытаеце, то ўсё роўна не забярыцё мяне, меджду протчым.

НАЧАЛЬНІК

Усё роўна не магу йначай. Гэтыя пісталеты, награбленая гарэлка, патака, цяганьне чужых рэчаў, служба даношчыкам, усё гэта таксама для нас добрыя паперы, хоць для вас, можа, і дрэнныя паперы.

МІКІТА

Дык пакажэце мне, меджду протчым, ваша чырвонае благородзіе, чэк на мой арышт.

НАЧАЛЬНІК

Чэк атрымаеце, як прыдзеце на месца. Ідзем! Прашу забіраць „вешчэственныя даказацельства“ (НАЧАЛЬНІК забірае рэвольвэры, адзін портфэль і пагоны. ДАМЕ, СПРАЎНІКУ, СЬПІЧЫНІ і ГРАМАДЗЯНІНУ дае несьці па пары бутэлек, МІКІЦЕ — патаку, ДВУМ ПАТРУЛЬНЫМ — па портфэлю). А цяпер — марш за мной!

МІКІТА

Оей! Оей! Ваша таварыская міласьць! Пакіньце мяне з мамашай. Меджду протчым, пайду памагаць вам забіраць Варшаву, толькі не забірайце мяне!

ГАНУЛЯ

Мае паночкі, мае галубочкі! Хаця ня зьмікіцьце майго Мікіткі. Хаця ня зьмікіцьце! (Апускаецца з ціхім плачам на спакаваныя манаткі. Усе, апрача яе, выходзяць. Пры апошніх Гануліных словах разлягаецца за вокнамі на вуліцы харавая песьня)

Ой ты, яблочко,
Куда коцішся?
Не туда попадзёш —
Не вароцішся…

Пасьля паўмінутнай паузы, пад нясьціхаючыя гукі песьні, паволі апускаецца

ЗАСЛОНА

Акопы. 31-VІІІ-22 г.