Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ

Бо, відаць, для іх права другое.

ЛЯВОН

Ня ўсё роўна людзі?

МАРЫЛЯ

(кашляючы)

Усё роўна, ды, мусіць, ня ўсё роўна. Але каб ня слухаў гэтага свайго адвоката Клепатоўскага, то калі-б і выгналі, дык хоць гаспадарка засталася-б, а так…

ЛЯВОН

А так прапала, ня вернеш! Нашто дарма сабе і другім сэрца ад‘ядаць.

МАРЫЛЯ

Жартачкі! Пяць гадоў судзіліся. Апошнюю карову і коніка сёлета прадаў. Апошнюю кароўку!

ЗОСЬКА

І маю цялушачку, што мамка аддала мне гадаваць сабе на пасаг калісь…

ЛЯВОН

Што ўспамінаць, чаго ня вернеш! Кожын па часе мае розум. Я толькі хацеў праўды шукаць. Ха-ха-ха! Здурэў і праўды шукаў! (Водзячы вачыма па хаце пасьля некаторае паузы, панура, тужліва). Дзедава хата састарэлася, як і ён, нябожчык, трэ‘ было новую ставіць… З бацькам цягалі бярвеньне… падарваўся стары, памёр… тады сам адзін мусіў кончыць… Цяжка было аднаму, але неяк даў рады, толькі нагу прыпсаваў, і хадзіць, няма як роўна. (Глянуўшы ў акно). З дзедам садок садзілі… Знаўся нябожчык, як хадзіць каля дрэўцаў… сам умеў прышчапляць. Садок вырас. З бацькам ужо кожнага спаса мелі што сьвяньціць… З зямелькай зжыўся, як з роднай маткай… Кожны каменьчык на полі і кожны кусьцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руцэ… На гэтых гонейках пасьціў скаціну… араў, сеяў, касіў. А тут!.. Суд — вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым