Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

скрапіў. Эх, эх! І я гэта маю дарма ўступіць, адрачыся? Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: сьсячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне.

ДАНІЛКА

Дык хай-бы татка купіў ад двара.

ЛЯВОН

Купіў, купіў! А закон пазваляе такім, як мы, купляць? А чынш плацячы, я ня выкупіў гэту зямлю? Ды што ты знаеш…

МАРЫЛЯ

(як-бы праз сон)

А цяпер — на бадзяньне, на вечныя мукі, зьдзекі, на бадзяньне вечнае!..

ЗОСЬКА

Служыць ісьці ў чужую хату, да чужых людзей. У няволю ісьці!

ЛЯВОН

(глуха)

Чым я вінен? чым я вінен? Што любіў гэту зямлю, гэту родную нашу!.. За тое вінен я? За тое любіў яе, каб яна мсьцілася нада мной, над намі і ў сьвет гнала… Ха-ха-ха! Зямля гоніць тых ад сябе, што з веку ў век сьвеньцяць яе сваёй крывёй гарачай і потам салоным! і за што? за што? (Зьвесіў галаву і няўзнак уцірае сьлёзы).

ЗОСЬКА

(падыходзіць і гладзіць па галаве бацьку)

Не марыкуйце вельмі, татачка! Кіньце вельмі бядаваць!? Ня згінем на сьвеце… Што-ж рабіць? Неяк-жа ды будзем жыць. Не маркоцьцеся, татачка. Я сягоньня сон добры сьніла.

ЗЬЯВА VIII

ТЫЯ-Ж І СЫМОН

СЫМОН

(убягаючы)

Тата! Чаго сядзіш? Дворныя сохі гародніну і пшаніцу заворваюць!

ЛЯВОН

Няхай заворваюць! Іх зямля — іх права.