Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/262

Гэта старонка не была вычытаная

рад паслухаць, ці сьпяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзьверах бакоўкі). Сьпяць, ажно храпуць, як-бы суконкі дралі. (Падыходзіць, глядзіць у вакно, задумваецца). Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае). Во! гэта дык трэба забраць, — так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую таксама трэба ўзяць. Усё гэта зьвяжам у хустку. (Расьсьцілае хустку і складвае свае рэчы). А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым-жа я з ім бегаць буду? Шнуровачку так-жа вазьму, бо хто-ж яе тут будзе насіць?.. І-і!!. ужо болей, здаецца, нічога. (Зьвязвае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за вакном. ПАЎЛІНКА сьціха). Ай, хтось там прышоў! (Весела). Прышоў, мой міленькі, прышоў! Такі карты праўду паказалі. (Ідзе к вакну). Хто там?

ГОЛАС З-ЗА ВАКНА

(прыдушаны)

Я!.. Я!..

ПАЎЛІНКА

(углядаючыся ў акно, у бок)

Нічагутэнькі ня відаць! Цемната страшэнная! (У вакно). Хто — я?

ГОЛАС

Я!.. Я!.. Ну, пі-ж не пазнала?

ПАЎЛІНКА

Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі зьвяжу і коўдру.

ГОЛАС

Ды мне нічога ня трэба!

ПАЎЛІНКА

Мала, што ня трэба, а я вазьму… (Хутка ідзе к ложку, зьвязвае падушкі і коўдру ў посьцілку). Ну, ужо гатова! (Адчыняе вакно і выкідвае вузлы). Пераймай, а зараз — і мяне! (Да сябе). Трэба з бакоўкі ўзяць верхнюю вопратку і хустку, толькі-б хаця-ж старыя не прабудзіліся. (Зьніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па неякім часе выходзіць стуль адзеўшыся). А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к вакну. Чуваць шорах у бакоўцы). Ай, нехта ўстаў!