Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/269

Гэта старонка была вычытаная

ЗЬЯВА І

МАКСІМ (адзін)

МАКСІМ

(ляжыць на ложку і разглядаецца па хаце)

Цьфу, каб цябе паляруш! Куды мяне, самдзеле, загнала нядобрае? Ці гэта я жыву, ці гэта я ня жыву, ці гэта я толькі сон сьню? Папрабую сам сабе па носе стукнуць, а ну-ж пазнаю, на каторым я сьвеце. (ударае сябе па твары рукой). Ай, баліць, каб цябе немач! Значыцца, я на гэтым сьвеце і, нават, ня сплю. Але як тут споўзаць па розум да галавы і навясьці спраўку, куды мяне ліхаманка з сваёй хаты перавалакла? Бо-ж такі хата гэта не мая, як сабе, мае міленькія, хочаце. У маёй хаце павуціньне па ўсіх чатырох куткох, а тут бачу толькі на трох… У маёй — абразы: Юры на белым кані з доўгаю пікаю і Мікола ў бляшанай шапцы; а тутака, праўда, Юры ёсьць, але на месцы Міколы вісіць „Страшны суд“. Брр! Які ён, самдзеле, страшны, гэты „страшны суд“! І давялося-ж мне папасьці ў хату з гэтым судом страшным! Пачакайце! Як гэта вышла? Учора была, здаецца, нядзеля? Так, такі-ж нядзеля, ды першая ў гэтым тыдні. Раніцай еў бліны. Пасьля спаў да паўдня; устаўшы, паабедаў ды йзноў хацеў легчы, але тут і вышла закаклюка. Мая Паланея, як распаланелася на ўсю сваю моц, дык і сон мой прапаў аж да часу, калі я ўжо ня помню, як апыніўся на гэтым вось чужым ложку. Дзе-ж! Трэба ведаць! Прычапілася — канечна, каб я вёў кабылу пасьвіць. Нашла пастуха! Я кажу — не павяду! Яна кажа — павядзеш! Я кажу — не мяшайся ў маю гаспадарку! А яна і паехала-паехала: а ты сякі-такі, а ты — ламака, а ты — абібока, а ты… а ты!.. Каб цябе ня знала, а пашла за Трахіма Сініцу, як ён да мяне сватаўся, дык-бы паняй была, а за табой, дурнем… Як сказала яна „дурнем“, ну дык, мае міленькія, хто-ж гэта