Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/270

Гэта старонка была вычытаная

вытрымае? Калі-б хто і папраўдзе быў дурань, дык не засмакуе, каб яму ў вочы гэткі чын давалі — ды яшчэ хто? Родная-раднюсенькая жонка! Ну, як яна, значыцца, сказала, самдзеле, дурань, дык мяне аж за самыя вантробы забрала. Усхапіўся я, самдзеле, з ложка, адшпіліў дзягу і ўжо думаю сабе… А яна — тут успамінаючы, ня дзяга, а мая жонка — вазьмі ды схапі мешалку. Ох, мае міленькія! Сам люцыпар, відаць, выдумаў гэтыя мешалкі, як падсоўваў нябожчыцы Еве яблыкі ў раі. Бо дайце-ж рады! Паліў я гэта яе — значыцца, мешалку, а ня Еву — колькі раз, на дробныя кусочкі сек, і ўсё роўна: як прыдзе што да чаго, дык — на табе, і ёсьць! І каб цябе ліхаманка, яшчэ выдумалі стаўляць гэтыя мешалкі ў качарэжніку, каля парога. Значыцца, як угледзіў я, што мая баба бярэ гэты — згінь-прападзі! — пісталет бярозавы, ну, а я… што—ж я? Бачу, што непераліўкі, схапіў браварку пад пахі і, трымаючыся за паясьніцу — гэта, каб ня спутала мяне самая патрэбная рэч, — ды гэтак: скакель праз вакно! Балазе, што хоць было адчынена. Ня думайце, мае міленькія, што гэта я сьперапугу задаў так лататы. Гэта я так сабе, як вам сказаць, на далікатны манер пусьціўся. Я-ж, як самі бачыце, пэўна, што не баюся. Ды што-ж бы было, каб даведаліся суседзі, што я ў сваёй аздабулькі пад хвартухом сяджу? Я не такі трус, як гэты Трахім Сініца: чуць яго Даміцэля мешалкай памеціцца, дык ён са страху аж дрыжыць. Ну, значыцца, як гэта я спакойна сабе выбег з хаты, узяў ды пашоў памаленьку на сяло. Дзягу на сваім месцы замацаваў, бравэрку на плечы накінуў — гэта, значыцца, каб форсу больш было, — іду сабе па вуліцы, як нішто ні ў чым. Падходжу пад манапольку, глядзь — сядзіць мой Трахімка Сініца на ганку і трымае поўквартачкі ў руках, гарэлачка й шкло аж пераліваецца на сонцы! „А мой-жа Кутасок! — гэтак ён да мяне: — садзіся, кумочак-галубочак! А то я думаў-думаў, з кім-бы гэту палавінку ды яшчэ на палавінку перакрышыць?“ Ну, а я, канечна, чалавек натуры няўпарчывай: чаму-ж, думаю сабе, ад добрага суседа ласкі ня прыняць? (Пазяхае). Ха-ха-ха! Нешта йзноў спаць хочацца. (Сонн а). Селі мы гэтак сабе — я і Трахімка — асушылі паўквартачкі адну, другую, трэцюю. Сядзелец — каб яму і ў пекле здароўе было ды