Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/273

Гэта старонка была вычытаная

ЗЬЯВА III

МАКСІМ — КАЦЯРЫНКА — ДАМІЦЭЛЯ

ДАМІЦЭЛЯ

(уваходзіць з судамі вады і стаўляе іх каля парога на прылаўку. Да Кацярынкі)

А ты гэта, сарока, чаго так ухмыляешся да люстэрка, як серада на пятніцу? Звалаклася недзе, а тут аднэй мне хоць падарвіся: ні вады каму прынесьці, ні ў хаце прыбраць. Зараз-жа мне хату замятай! (Порацца качаргой у печы).

КАЦЯРЫНКА

(замятаючы хату)

Чаго, мамка, разьехалася, як прачыстая па сенажаці? Я-ж не сядзела, рукі злажыўшы. (Расьцягваючы) У-ста-ла, памы-ла-ся, павяла ця-луш-ку, напасьвіла, назьбірала кве-та-чак і вяночак спляла! (Кідае венік, зьнімае вянок і хоча назець яго матцы). Паглядзеце, які харошанькі! А як ён мамцы йдзе да твару! Даліпантачкі, хоць да шлюбу мамку вядзі! Каб татка ўгледзіў, вота-б пацалаваў з любасьці!

ДАМІЦЭЛЯ

(зрываючы вянок)

Адчапіся, назола! Я ўжо на каптур замяніла свой вянок у царкве, а ты, з вялікай рызыкі, каб толькі ня згубіла свайго дзе пад плотам.

КАЦЯРЫНКА

(ізноў налажыўшы сабе вянок на галаву, замятаючы хату)

А скажэце, мамачка: ці гэта ня ўсё роўна будзе, ці вянок у царкве на каптур прагандляваць, ці згубіць яго пад плотам? А мо' і мамка перш згубіла, а пасьля памяняла?

ДАМІЦЭЛЯ

Замятай вось лепей, а не мялі языком, як калатоўкай! Яшчэ молада ўсё ведаць — што трэба й што ня трэба.

КАЦЯРЫНКА

(круцячыся з венікам і прыпяваючы)

Сама хату падмяла,
Сені выпратала;