Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/278

Гэта старонка была вычытаная

цяпер адно збаўленьне асталося для сьвятога яе і майго спакою: дзяга ёсьць, пайду і павешуся. Хай пятля раменная маю шыю абыйме заместа ручак цëпленькіх маёй Паланейкі. (Зьвесіў галаву і задумваецца).

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

На табе, баба, груцы з бобам! Да нашага сваяцтва з Мацейкам прыбудзе яшчэ жалоба.

ДАМІЦЭЛЯ

Нічога такі іншага ня выходзіць: пайду тапіцца! Апошнія мінуты прышлі майго жыцьця. (Да КАЦЯРЫНКІ). Як прыдзе татка, то скажы, дзеткі, што ўтапілася вось праз гэтага… Дзе мая толькі хустка? (Шукае хустку).

МАКСІМ

Няма інакшае рады: пайду павешуся. Апошні канец на мяне прышоў. (Да КАЦЯРЫНКІ). Як убачыш, Кацярынка, маю Паланею, дык скажы, галубка, ёй, што я павесіўся вось праз гэту… Дзе толькі мая шапка? (Шукае шапку).

ДАМІЦЭЛЯ

(закручваючы хустку)

Бывай здарова, дзеткі. Кланяйся тату! (Хоча выходзіць).

МАКСІМ

(надзяваючы шапку)

Бывай здарова, Кацярынка! Кланяйся маёй Паланеі! (Хоча выходзіць).

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Я думала, што яны жартуюць, ажно такі папраўдзе шукаюць гуза. (Забягаючы ад парога да Максіма і Даміцэлі). Што гэта вы? За ноч клёпкі ўсе ў галаве пагублялі? Мала аднаго граху, дык хочаце яшчэ другі на душу браць! Вось лепей памірэцеся ды думайце, як з гэтай бяды выкараскацца, каб воўк быў сыт і каза цэла. Сьнеданьне на стале застыне, зглуміцца, а яны скарэй вешацца, тапіцца! Калі ўжо так ня хочаце мірыцца,