Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/279

Гэта старонка была вычытаная

то хоць бяз міру пад‘ежце, тады і работа складней пойдзе, як пацяжэеце. А памойму, лепш не сьмяшаце людзей і ўсё тут!

ДАМІЦЭЛЯ

А мо‘ і праўду кажаш, Кацярынка? Што ты, кумок, на гэта?

МАКСІМ

Дый, памойму, свацейка, гэтак лепей будзе… У жываце маім ужо даўно салаўі пяюць. Пасьнедаем, а там…

ДАМІЦЭЛЯ

Такі-ж пасьнедаем, а там…

КАЦЯРЫНКА

А там мамка новы каптур пашые для таты, а дзядзька новую мешалку зробіць для цёткі. (Усе садзяцца за стол і сьнедаюць).

ДАМІЦЭЛЯ

(пакручваючы сквараду)

Вось, кумок, з гэтага боку лепшая скварка! Не саромся, бяры і еж на здаровейка!

МАКСІМ

(пакручваючы сквараду)

Ня турбуйцеся, кумка! Лепей ты яе бяры. Мне пасьля ўчарашняга неяк ні сёе, ні тое. Адным словам, праўду свацьці скажу: залішне выпіў.

ДАМІЦЭЛЯ

Праўду, кумок, кажаце! Я сама гэта заўважыла, што трохі слаб быў на нагах. Куму пахмяліцца-б ня шкодзіла.

МАКСІМ

Сам анёл-пацяшыцель падсказаў кумцы гэту думку! Усё роўна як-бы ты, Даміцэлька, у маёй душы сядзела й падслухала, чаго ёй хочацца.

ДАМІЦЭЛЯ

Ай! Уто-ж я дурная! Гэта-ж і ёсьць чым чарвячка замарыць! Мой учора з прычыны першага дня Сёмухі прызапасіў