Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/297

Гэта старонка была вычытаная

яны выпівалі і выпівалі — а ўжо і ноч падышла. Тады сталі, значыцца, яны хваліцца, у каго жонка горшая. Максім кажа, што ў яго горшая…

МАКСІМ

Праўда, ваша бродзіе!

СОЦКІ

А Трахім кажа, што яго горшая!

ТРАХІМ

Так, так! Такі-ж горшая!

СОЦКІ

Тады, значыцца, мы… яны выпівалі і выпівалі…

ВУРАДНІК

Годзе табе ўжо гэтага — выпівалі!

СОЦКІ

Слухаю, ваша бродзіе! Значыцца, яны вып… тады яны ў такую спрэчку залезьлі, што аж я мусіў мірыць іх, і вып… і… і пасьля таго Максім кажа Трахіму, а Трахім — Максіму: памяняймася жонкамі, калі мая — кажа адзін — для цябе лепшая, а калі мая — кажа другі — для цябе лепшая! Гэта, значыцца, вазьмі яны, такім парадкам, і памяняй жонкі, як, ня пры вас кажучы, ваша бродзіе, цыганы кабыл. Значыцца, памяняўшы, тады ізноў вып… Ня вытрымаю, ваша бродзіе. Максім купіў яшчэ прыдатку поўкварты за сваю, а Трахім поўкварты за сваю, тады вып… тады кажа Максім Трахіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. Трахім кажа Максіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. І, значыцца, яшчэ вып… пацалаваліся і пайшлі, барануючы нагамі. А Максім прыпяваў забароненую песьню: „Ой, ты, мая гарэліца, ой ты, весялушка!“ І Трахім пацягваў таксама забароненыя прыпеўкі: „Курыць, веець мяцеліца!“ А далей нічога я ня ведаю. Толькі — гэты гвалт… ды мы разам з вамі, ваша бродзіе, пачулі, ідучы вуліцай, і сюды зайшлі.