Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

СЫМОН

Кветкі! шчасьце! Паганыя ногі патопчуць кветкі на бацькавай магіле, як і яго самога ў зямлю затапталі; а шчасьце, — каб як глыбока захаваў у сабе, — то табе яго збэсьцяць, бяз ніякае літасьці збэсьцяць! Нячыстымі рукамі будуць капацца ў душы, пакуль ня вырвуць з яе гэтага шчасьця і ня кінуць яго пад ногі і не раздушаць. (Пауза).

МАРЫЛЯ

Усё-ж такі, як-бы там сабе ні было, а нам трэба думаць, як далей жыць. Паняволі мусім сабе даваць якую раду. Гэтага, сынок, мала, што ты загадаў перацягнуць сюды ламацьцё з поля. Грызьці яго ня будзем.

СЫМОН

Што-ж, мамка ізноў да таго мяркуе, каб ішоў туды да іх ласкі прасіць?

МАРЫЛЯ

А хоць-бы і так, то што-ж там вельмі такое?

СЫМОН

Я ўжо мамцы ад першага дня казаў і цяпер тое кажу: не пайду туды і вы ўсе ня пойдзеце. Аднаго кроку ў той бок ня дам, і адгэтуль не саступлю. Магіла татава стала веквечнай перагародкай паміж імі і намі, і ня зьністожыць яе сіле чалавечай! Гора таму, хто першы пераступіць гэты насып магільны над сваім родным, працягне рукі к ім і пойдзе з імі! Нядоўга будзе хадня побач з імі. Бо яны, калі сэрца ня вырвуць і душы ня збэсьцяць зусім, то хоць вочы асьлепляць і пусьцяць блуднымі сьцежкамі на вечнае бадзяньне, на вечны зьдзек і паніжэньне. А свае на такога будуць тыкаць пальцамі і шаптаць асьцярожна: „адступнік, душапрадавец! Бацькаву магілу перажаргаў, каб у іх зладзейскія рукі лізаць!“

МАРЫЛЯ

Але ты бяз іх не абыйдзешся. Рана-позна мусім ісьці к ім… па работу, па хлеб…

СЫМОН

Дык што-ж, калі я з мусу і пайду, як слуга іх, як нявольнік, але не па сваёй добрай волі — як іх падлыжнік і за-