Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

ўжо, пры грудзёх, панічоўская кроў іграла ў целе яго вутленькім… Чуць толькі стаў ручкі ў кулачок складваць, шчыпецца, бывала, моцна шчыпецца. А як сталі зубкі выразацца — кусаўся; Як угрызе, то аж кроў выскачыць з грудзей. Маленькі яшчэ — а такі ўжо дасьціпны быў. І ці даўно было гэта, здаецца, як пры мне качаўся, а цяпер глядзі — хоць куды мужчына! (Да ЗОСЬКІ). Ці праўда, Зоська, што Сымон казаў? — ці праўда, што ты да яго ў двор…

ЗОСЬКА

Мамачка! Нашто табе гэта канечна ведаць? Ці-ж ня ўсё роўна будзе? Калі гэта праўда — я згінула, калі гэта і няпраўда — я не ўваскрэсла… На небе маленькая зорка ўсьмяхаецца да вялікага месяца, а на зямлі вутлая калінка хінецца да крэпкага явара, а я —што?

МАРЫЛЯ

Але ты ня ведаеш, што цябе чакае, як будзеш так хінуцца к яму, як калінка да явара? Сябе згубіш і нас вечным сорамам абняславіш. Ён паласіцца, папесьціцца і кіне, як кідаюць зношаную вопратку на сьметнік. Толькі я ня веру, што Сымон казаў, і ніколі не паверу. Ты супакой мяне, дзеткі, і скажы, што гэта няпраўда. Я цябе выхавала, сваім малаком выкарміла, і ты лгаць мне ня маеш права.

ЗОСЬКА

(змагаючыся з сабою)

Ня мучце мяне, мамка! Я й так сама змучылася за гэтыя два тыдні ад сьмерці таты. Штосьці такое страшна дзіўное творыцца каля мяне і са мной, чаго я сваім бедным розумам і адгадаць не магу. Мамачка, ня пытайцеся ляпей: я лгаць ня буду, але ты сама ведаеш, ня ўсю і праўду можна казаць.

МАРЫЛЯ

Роднай матцы можна!

ЗОСЬКА

А калі я ўжо ня ведаю, дзе праўда, а дзе мана. Усё перамяшалася ў маёй няшчаснай галаве. Нейкі туман сіні-сіні кругом мяне разаслаўся, і я, здаецца, плаваю па ім, так ціха--