Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

ціха плаваю, як тыя гусі белыя на возеры, або вобалакі сівыя пад небам далёкім! І штосьці мяне кудысь цягне, бярэ за рукі, абымае ўпол і выносіць з сабой так лёгка-лёганька, як ціхі вецер тую пярынку галубіную над гаем зялёным!

МАРЫЛЯ

Ты заўсёды была такая нейкая, што і сама я не магу разабраць — якая. Змалку дзён трудна было з табою да ладу прыйсьці. Усяе тае і гутаркі ў цябе было, што з лесам, з ветрам ды з крыніцай. Нешта нялюдзкае сядзіць у табе.

ЗОСЬКА

Ці-ж я вінавата, што я такая?

МАРЫЛЯ

Ты ў гэтым можа сама і не вінавата, але затое вінавата ў тым, што Сымон казаў. Ён бачыў цябе з ім заўчора ўночы.

ЗОСЬКА

Няпраўда, мамачка! Няпраўда! Я там ня была, — гэта можа толькі цень мой быў там. Але — пэўна цень! Я часам бачу, як цень мой адлучыцца ад мяне і пойдзе сабе недзе далёка-далёка! Праз высокія горы йдзе, над быстрымі рэчкамі і шчырымі барамі плыве, а пасьля ізноў ка мне вернецца і ходзіць за мною сьледам, як-бы сочыць мяне. Тады на мяне страх нападае. Ох, баюся я гэтага свайго ценю, як відма якога з таго сьвету, баюся!

МАРЫЛЯ

Дык гэта цень твой там быў?..

ЗОСЬКА

Цень, мамачка! цень! Я сама ня была там. Каго я там ня бачыла?

МАРЫЛЯ

(устаўшы)

Ня веру я табе! Ты вечна толькі штось нязвычайнае выдумляеш, каб толькі мазгі каму завясьці і аплуціць. Але вось што: прысягні, што гэта няпраўда, што ты сама туды не хадзіла! Прысягні! Іначай і мяне з розуму зьвядзеш, як сама ўжо, відаць, сходзіш.