Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

сялібу трэба прылучыць да двара. Раз выкінулі вас, то і ўсё тут. А калі захочаце служыць у мяне, то я ў дварэ дам хату.

МАРЫЛЯ

Я не аб гэта. Я… я малю цябе: ня зводзь яе, мае Зоські! Табе, панічок, нічога ня станецца, а яна згіне, прападзе за няма што!

ПАНІЧ

Якая Зоська згіне? Што ты выдумала?

ЗОСЬКА

Я, мамачка, ня згіну, а калі і згіну, то мой цень астанецца і будзе жыць на сьвеце да сканчэньня вякоў. Так! Цень будзе жыць, калі я згіну.

МАРЫЛЯ

Чуеце, панічок, што яна кажа? Гэта ты яе ачараваў. Гэта ты мне дачку выдзіраеш! Ляпей сэрца ў мяне, яе маткі, выдзеры і зрабі з яго сьвечку сабе, але дачкі не вырывай у няшчаснай удавы!

ЗОСЬКА

(падходзячы к матцы, абымае і цалуе ў галаву)

Зязюлька мая падстрэленая! Усё роўна тады ці сяды рассыплюцца твае дзеткі па беламу сьвету, і будуць каршуны кляваць цела іх і хлёптаць кроў цёплую, а шумны вецер паразьмятае перайка і чорным пясочкам костачкі іх прысыпе. Толькі ты, зязюлька, гэтага саколіка цяпер не кляні — ён нічога нявінен; я ляпей за цябе ведаю.

МАРЫЛЯ

(пасоўваючыся з услончыка к нагам паніча)

Панічок! я цябе дзіцянём пры сваіх грудзёх выпесьціла, выняньчыла!.. Я-ж цябе магла ўтапіць, задушыць, але ты жывеш і цьвіцеш. Не забівай-жа ты мяне і адваражы, вярні мне маю Зоську! І ў цябе матка была…

ПАНІЧ

Позна ўжо, цётка!

МАРЫЛЯ

О, чаму ляпей ня плыла атрута з маім малаком у той час, калі…

(Пры апошніх словах ПАНІЧА ўходзіць СЫМОН з тапаром у руках, каторым увесь час пакручвае; ЗОСЬКА першая ўгледзела СЫМОНА і адышла ўбок).