Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ

Але не сягоньня, то заўтра, пазаўтра будзем імі. Такая ўжо, відаць, нашага брата доля, і нам ня мінуць гэтага. Падумай толькі! Сымон разьюшыўся і думаць ня хоча, каб даваць якую раду ў гэтым бяспрыпыньні — усё суду нейкага чакае. А ты, а ты толькі яшчэ смалы падліваеш у гэты агонь, адкуль усе нашы няшчасьці ідуць.

ЗОСЬКА

Мамка! Я толькі хачу гэта няшчасьце на шчасьце зьмяніць.

МАРЫЛЯ

І ўсё што раз большую пропасьць капаеш між імі і намі, у якую ніхто іншы, а ты, усе мы ўвалімся і ня вылезем ніколі, як з вечнага балота. Эх! эх! Абое вы, дзеткі, пропасьць гэту самі сабе капаеце, абое: Сымон — сваёй дзікай заўзятасьцю, а ты — сваёй шалёнай прыхільнасьцю. Бацькі вашы іначай жылі!

ЗОСЬКА

Але, але, мамачка, — іначай!.. Затое-ж вось і торбачкі ты гэтыя шыеш ды на мяне з Сымонам наракаеш.

МАРЫЛЯ

(ня слухаючы)

Губіце вы сябе, мяне, гэтых малых. Моцны мой божа! Адно зьверам глядзіць на ўсё і волі нікому ніякае не дае, а другое няславу на ўсю радню ўводзіць.

ЗОСЬКА

Мамачка! Што ты да мяне маеш? Я ратаваць усіх вас хачу, хоць мо‘ і гіну сама. Ды пачым я знаю, што са мною творыцца? Можа нехта нейкія чары неразгаданыя над намі ўсімі завесіў і мяне, пасьля таты, выбраў сабе за першую ахвяру? Пачым я знаю? Ня думайце, мамачка, што я такая, як табе і Сымону здаецца. Але што-ж? У вас свая праўда, у мяне свая. Жыцьцё свае кросны жалобныя тчэ і будзе ткаць, пакуль яму самі людзі не дадуць асновы з вечнай праўды і братняга мілаваньня, а ўтоку — з вечнай шчасьлівасьці і радасьці.

МАРЫЛЯ

Э! пачала ўжо плот гарадзіць, каб за ім з сваім бяссорамствам схавацца! Сказала-б адразу, што прадалася ў злыд-