Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

невы рукі самахоць — і ўсё тут табе! Але не! Трэба яшчэ ўсялякай брахнёй мазгі другім марочыць. Маткі, мая родненькая, не ашукаеш.

ЗОСЬКА

Ты, мамка, сама сябе ашукваеш, гэтак думаючы. Усе людзі самі сябе ашукваюць, а ім здаецца, што хто другі таму прычынай. Але кіньма лепей, мамка, гэту спрэчку!.. Гляньце — якое прыгожае неба на захадзе! Там на гэтым небе мы калісь жыць будзем. І ня будзе там ні такое хаты разваленае, ні людзей такіх нягодных: будзе там адзін вялікі дом для ўсіх чыста, а ў ім будуць жыць і іншыя людзі, як тут на зямлі, — будуць усе паміж сабой браткі ды сястрыцы родныя. Праўда, мамка!

МАРЫЛЯ

Але пакуль табе прыдзе пара туды ісьці, я цябе і твайго гэтага пракляну сваім матчыным словам.

ЗОСЬКА

(сашчэпліваючы рукі)

Мамачка! Што хочаце рабеце са мною, толькі яго не чапайце: ён богу душой вінен, як і я ні ў чым благім ня вінна. Усё гэта няпраўда.

МАРЫЛЯ

А чаму прысягаць не хацела? Га?

ЗОСЬКА

Бо… бо я ня ведала і ня ведаю, што праўда, а што няпраўда, і што грэх, а што ня грэх!

МАРЫЛЯ

То ён чаму сказаў: „позна, цётка!“

ЗОСЬКА

Бо і ён таксама нічога ня ведае.

(Уходзіць СЫМОН і ДАНІЛКА, нясуць з сабой па куску дрэва на крыж, кладуць пасярод сцэны).

ЗЬЯВА III

ТЫЯ-Ж І СЫМОН — ДАНІЛКА

ДАНІЛКА

(кінуўшы палена)

Бяда мне з гэтым Сымонам! У мяне свае работы гібель, а тут памагай яшчэ яму крыж рабіць. (Садзіцца і возіцца з іскрыпкай).