Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

СЫМОН

(кінуўшы палена на-крыж Данілкаваму. Панура).

Тую рабіну сьсек, на каторай бацька… Ёмкі будзе крыж. З большага абчасалі і запілавалі з Данілкам, засталося толькі трохі абгладзіць, і ўсё будзе гатова. Ці ня бачылі дзе струга?

ЗОСЬКА

(устаючы)

Я недзе, братка, яго бачыла. Зараз знайду! (Находзіць струг і аддае Сымону). Можа што памагчы табе?

СЫМОН

(стругаючы крыж, стаўшы на каленях)

Нічога ня трэба! Бачу, што часу ня маеш: вяночак пляцеш, завіваеш. Дык пляці, завівай, як добрыя людзі адны другім вяровачкі плятуць, завіваюць!

ЗОСЬКА

(садзіцца і далей уе вянок, у старану)

Мамка проці мяне, брат проці мяне, а хто-ж за мяне заступіцца?

ДАНІЛКА

Вось дык пайшла ў нас сягоньня работа! Зоська вянок уе, Сымон крыж робіць, мамка торбачкі шые, а я іскрыпачку раблю. Дзівецеся, людзі!

МАРЫЛЯ

(да Сымона)

Пад вечар, як вас усіх тут ня было, прыходзіў ізноў той і казаў, каб дарма ня йшлі яму наперакор. Хату ў дварэ дае і цябе з Зоськай бярэ на службу.

СЫМОН

(горача)

Нічога ня трэба, нічога! Раз сказаў, каб мне аб гэтым і не ўспаміналі. Ласка іх да парога, толькі да парога. У вочы лісам сьцелецца, а як зышоў з воч, дык і з памяці проч! Ня трэба! Сам усяму рады дам! Адбудую хату нанова, гаспадарку нанова завяду. Жыцьцё пачнем новае. Вось толькі крыж паставіць і разбору дзела дачакацца! Ня там, у іх, а тут наша месца. Ніхто нас адгэтуль ня згоніць і ня выстрашыць, каб хоць самога люцыпара на помач выклікаў. Спакой вякоў усё