Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

сьцежцы-дарожцы, па якой усе людзі ідуць. Уломяць цябе, апусьцішся і загінеш.

СЫМОН

Але сам я самахоць не загіну, мяне сіла большая загубіць, а ты па сваёй ахвоце сама сябе аддаеш на гэту загубу, на глум вечны!

ЗОСЬКА

(адходзячы ад Сымона. У старану)

Божа! Як-жа мне цяжанька тут жыць! (Садзіцца і ўе вянок. Пауза).

ДАНІЛКА

Крыж рабіць робіш, а на чым яго павязеш?

СЫМОН

Не бядуй па гэтым! Не пайду каня вымаліваць ні да суседзяў, ні там, да іх! На сваіх плячох павязу — яшчэ датрываюць, хопіць сілы. Як сам на сабе завалаку — болей радасьці спраўлю таму, хто будзе спаць пад гэтым крыжам, а сам буду ведаць тое, што нікому ня кланяўся, перад нікім не жабраваў.

ДАНІЛКА

А каму-ж гэта мамка торбы шые?

СЫМОН

Шые, бо ня мае чаго рабіць. Але як пашые, то я што да аднэй папалю!

МАРЫЛЯ

Пакуль ты, дзеткі, прыбярэшся паліць, то яны самі спарахнеюць на мне, на гэтых малых, а мо‘ і яшчэ на кім. Вось адна торбачка і гатова! (Падымае на руках, разглядае). Здаецца, добра будзе — ня мала і не вяліка, толькі яшчэ вяровачкі прывязаць. (Шукае і прывязвае).

СЫМОН

Эх, кіньце, мамка, дзяцініцца! Душу ў мяне хочаце вырваць без пары — больш нічога! Не дасьцё спакойна нават крыж гэты кончыць.

МАРЫЛЯ

Што, дзеткі? Я-ж нічога! А што запас бяды ня чыніць, то ты сам добра гэта ведаеш і разумееш.