Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

СЫМОН

(баронячыся ад Марылі)

Адчапіся, мамка! (Да ДАНІЛКІ, замахваючыся тапаром над іскрыпкай). Кажы!

ДАНІЛКА

(енчучы)

Сымонка, братачка! Не сячы! Ляпей мяне забі, зарэж, што хочаш зрабі са мной, а іскрыпачкі не чапай! Другой такой за ўсё жыцьцё не зраблю.

СЫМОН

ізноў замахваючыся тапаром)

Пасяку на дробныя шчэпкі! Кажы!..

ДАНІЛКА

(прыпадаючы галавой да іскрыпкі)

Сячы па маёй шыі, а іскрыпачкі не чапай! Але ўжо скажу, скажу табе, дзе яна!..

МАРЫЛЯ

(ухапіўшыся за сякеру)

Давай мне сякеру! Давай сякеру! я сама табе скажу, дзе Зоська. (За сцэнай шум; чуваць ЗОСЬКІН голос: „Пусьцеце мяне… Я сама пайду. Пусьцеце“. Двое ДВОРНЫХ ЛЮДЗЕЙ уводзяць на сцэну ЗОСЬКУ з завязанымі назад рукамі).

ЗЬЯВА VI

ТЫЯ-Ж, ЗОСЬКА І ДВОРНЫЯ ЛЮДЗІ

АДЗІН З ДВОРНЫХ ЛЮДЗЕЙ

Хацела каля палацу павесіцца, дык сказалі зьвязаць і сюды прывесьці!

ЗОСЬКА

(хочучы вырваць з вяровак рукі, у страшным мучэньні)

Нашто рукі зьвязалі? Мамачка, браточкі, зьмілуйцеся, разьвяжэце!! За што так пакаралі?!

(МАРЫЛЯ, СЫМОН, ДАНІЛКА застываюць у сваіх позах ні то зьдзіўленыя, ні то перапужаныя. ДЗЕЦІ падбягаюць і туляцца да ЗОСЬКІ. ДВОРНЫЯ ЛЮДЗІ выходзяць).

Паволі апускаецца
ЗАСЛОНА