Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

ДАНІЛКА

А як хмарна будзе ды з дарогі саб‘емся, — хто тады пакажа?

СТАРАЦ

Добрыя людзі, мой сынку, добрыя людзі. А ісьці вам трэба адгэтуль.

ДАНІЛКА

Ды я ўжо мамцы казаў аб гэтым самым, але ўсё ўпіраецца яшчэ.

СТАРАЦ

Нічога, пані гаспадыня, тут ня выседзіш. Скінь пыху з сэрца ды йдзі адгэтуль. Не спадзейся на помач сына — ён ужо далёка ад цябе з сваімі думкамі і ня скора к табе з імі вернецца. Сьцежкі вашы разышліся і зойдуцца толькі тады, як ён, пабываўшы на тым зборышчы, якога цяпер шукае, вернецца к табе славай акрыты. А цяпер не чакай на яго і думай сама аб сабе. Бачыш — якая гэтая асеньняя ночка страшная, а ты тут адна з сваймі малымі і гэтым няшчасным музыкай, што ігрой сваёй да сьлёз толькі даводзіць… Час, птушка-маці, зьнімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб іншых сваіх дзетак убараніць ад благіх ястрабаў, ад якіх сілачкі ты ня мела ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські! Скінь пыху з сэрца, набярыся адвагі, забірай гэтых з сабой і йдзі, ідзі, куды ногі панясуць, куды вочы твае глядзець будуць!

МАРЫЛЯ

Ды я ўжо з самае вясны торбачкі для ўсіх шыла, і шмат, шмат іх пашыла! Але Сымон, Зоська!.. Як-жа мне пайсьці бяз іх?

СТАРАЦ

Ня бойся, пані гаспадыня! Яны, калі ня знойдуць таго, чаго шукаюць, каб у тваю хату шчасьце прынясьці, то вернуцца к табе тым самы шляхам, якім ты ад іх адыйдзеш. Такі ўжо парадак на сьвеце паміж намі людзьмі.