Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/110

Гэта старонка была вычытаная

ЭПІГРАМЫ

1

НА БЕЛ. ВЫД. СУПОЛКУ
„ЗАГЛЯНЕ СОНЦА І Ў НАША АКОНЦА“

I

Што і мы аб чымсь дбаем, — выдавецкую маем
Суполку ад прошлага лета,
Дый ажно „Загляне сонца і ў наша аконца“
Таварыства ахрышчана гэта.
Але ўсё йшчэ цямноты… Як да кожнай работы,
Ня надта сьпяшыць мы ахвочы;
Знаць, пакуль гэта „сонца“ гляне ў наша аконца
Начная раса выесьць вочы.

II

Горы абяцаці —
Ня споўніць крыхі —
Не сьвятыя лепяць
Гэткія гаршкі.

Ёсьць у нас „суполка“ —
Цешся, беларус,
Тваёй мовай кніжак
Надрукуе стус.

Ой, сьпяшыць суполка
Кніжкі выдаваць,
Хіба на тым сьвеце
Будзем іх чытаць.

1907 г.