Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/111

Гэта старонка была вычытаная

2

Вось так хлопец, вось так ён,
Слухай яго, голь!
На славах — магутны слонь,
А на дзеле — моль.
Праўда, што ня ўмее красьць,
Дык лжэ горай баб, —
Абяцанак горы дасьць,
А выканаць слаб.
Пражыве ён многа лет,
Вечна сыт і рад,
І пяройдзе нават сьвет,
Дый ня вернецца-ж назад.

25-VII 1906 г.

3

Ён і работнік грамадзянскі,
Мужыцкі пан і служка панскі,
І антыквар, і археолёг,
І бібліолёг, і філёлёг,
І быў-бы слаўным ён зусім,
Каб быў чым-колечы адным.

1918 г.

4

То беларус, то палячок,
А чым папраўдзе не згадаць.
Паслухай, гладкі панічок:
Пашто так скурай гандляваць?

1913 г.

5

Ў кавярні водзіць рэй і лад,
Бывач яе заўсёдны, шчыры,
Сатыры піша там на ўсіх,
А сам — сьмяшнейшы ад сатыры.

18-X 1913 г.