Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/112

Гэта старонка не была вычытаная

6

Варшаўскіх брукаў марны франт,
Пусты на словах, хлюст, падант,
На дзеле — невук, дылетант,
А як поэта — ў прэйскурант
Гадзішся толькі, мой ты франт.

18-X 1915 г.

7

Мо‘ чалавекам з рук, з вачэй
Цябе, панок, і дразьняць недзе,
Дый людзкага ў душы тваей
Ня чуў, каб хто калі што ўгледзеў.

1907 г.

8

Любіць ён работу,
Нават — аж да поту, —
Але між суседзяў,
На куце, ў бяседзе.

1908 г.

9

Што клёпкі трэцяй не стае
У галаве яго,
То гэта, родныя мае,
Чуў шмат я ад каго.

Але каб ў пекле аж на дне
Сядзеў, хто лгаць пасьмеў:
Ён іх і з роду, верце мне,
Ніводнае ня меў.

1908 г.