Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/126

Гэта старонка была вычытаная

Жалейкі, дуды красавалі —
Прылады свойскія музык,
Цапы і вілы ў высь сягалі,
Як быў абшар далёк, вялік.

Народ чагосьці зьнябываўся,
Гуд недавольства плыў і плыў, —
Прызваньне чулася ня ў часе,
Нясьпелы колас рваўся з ніў.

Так хваляваўся гмін народны,
Пад высяй тэй, дзе я стаяў,
Дзень варажыўся быць лагодным,
Вей-вецер воблакі зганяў.

Чагось чакалі грамадзяне,
Ў вачох палаў надзеі жар, —
Пад сьмерць, здаецца, кожны стане,
Адвагай мятусіўся твар.

І вось у гэтую часіну
Да іх там дыбаў цудадзей,
Слуга патайнасьці прадзіўнай,
Надчалавек, хоць і з людзей.

Яму слухмяны былі хмары,
Народу сказ даваў свайму:
Якія мільшыя ахвяры
Багам, панятлівым яму.

Зрабіць, раскідаць мог ён дзівы,
Накінуць чары сяк і так;
Быў гэты верны і праўдзівы
Паганскіх мольбішчаў стражак.

Як толькі стаў паміж народам,
Заціх вячовы пераклік,
І ўзьбегла песьня карагодам,
Ёй пакарыўся мал, вялік.