Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

ШТО ТЫ СЬПІШ?..

Што ты сьпiш, што ты сьпіш,
Беларускі мужык?
Глянь! Усталі усе,
Як сьвет божы вялiк!

Толькі ты, брат, адзін,
Як забіты, ляжыш
І на долю сваю
Не ўстаеш, не глядзіш.

Няўжо мала яшчэ
Катавалі цябе?
Няўжо мала яшчэ
Сьлёз і гора табе?

А пасьледненькі грош
З цябе лупіць казна,
Хоць у хаце дзецям
Хлеба солі няма.

Хоць заклаў ты кажух
Абы чынш заплаціць,
Хоць у лапцях ты з лык
Мусіш вечна хадзіць…

Хоць кароўку сваю
За падаткі прадаў,
Хоць апошні ўмалот
Магазыньнік забраў.

Ты астатні свой дух
І свае жылы рвеш,
Як калоду пудоў
Са сто ў места вязеш.

А у печцы тваёй,
Хоць мароз, хоць зіма,
Агонь тры дні ня быў,
Дроў паленца няма!