Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/153

Гэта старонка не была вычытаная

КАЛЕКА

(Гутарка з мінулага часу)

I

— Што з табою, браце мілы?
Чаму хмуран ты няўмеру?
Дзяцюк гэткі повен сілы!
Як тут даць, здаецца, веру?
Аднэй радасьці, вясельля
Быць павінны поўны грудзі,
Ты-ж, як зьбіты, як з пахмельля…
Ну, і людзі, што за людзі?
А мо‘ ёсьць на то прычына —
Ўсё сваю прычыну мае:
Ты дзяцюк, а вунь дзяўчына,
Во адно ўжо і ўздыхае.
Ну, ўздыхайце сабе самі,
Рад і я вам падцінаці;
Можа траплю дзе часамі
І па сэрцу табе, браце.

II

— Пачну думу ад пачатку:
Жыў я з малку ў вёсцы з краю;
Мала помню родну хатку,
А ўсё-ж міла ўспамінаю.
Быўшы дзіцем, быў рахманым,
Бацькі, маці быў пацехай,
Плач нядолі ня быў знаным,
Колькі гуляў, колькі сьмеху!
Не заводзіў нічым думак, —
Трэба ў школу — ў чым тут стала?
Сып, узяўшы кніжак клумак,
Адно жаль — зноў іх замала.