Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

Першы год ганяў я ў поле:
Умірае бацька, маці, —
Вось і стала сьвету болей
Сіратою аднэй, браце.

III

— Ці вы знаеце, што знача
Сіратою быць на сьвеце? —
Хмарка плача, вецер плача,
Як такога дзе прымеціць.
Можа скажаце таксама:
Людзі літасьць над ім маюць;
Не такая людзі крама,
Ў якой людзкасьць аглядаюць.
Адным цягам год за годам
Шлі цярніста, шлі крывава,
З імі моладасьць з нягодай,
Як асеньняя няслава.
Ня раз труд было заснуці;
Сьвет хацеў бы ў жменю ўзяці
І, як вецьвем, страсануці…
Так было мне цяжка, браце,

IV

— Як памёрлі бацька, маці,
З хаты выгналі за браму,
Жыць прышлось доляй бадзяцкай,
Няма што, пайшоў да пана.
Далі там агрызак хлеба,
І колькі марных грошы;
Што, здаецца, болей трэба?
Будзь слухмяны, будзь харошым!
Здасца можа — добра гэтак,
А дзе-ж кут свой, а дзе воля?
Панскі дом, страва, адзетак
Душы, сэрца не здаволіць.