Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

Дзе-ж ты, вера, дзе ты, сіла?
На каго мне наракаці?
Эй, падмігівай, магіла!
Ты-ж ня злуйся, мілы браце.

IX

— Кастыль, торба, кій жабрачы
Маім пашпартам, адзнакай,
Было кепска, ўсё-ж іначай
Над сваёй нядоляй плакаў.
Як і ўсе, і я меў сэрца,
Быў час — дзеўчынку нагледзіў;
Пасьля-ж, пасьля ў паняверцы
І дзяўчынка зьнікла недзе.
Як апаленае дрэва
Пастухамі ў полі роўным,
Адзінока хмар павеваў
Жду век з сэрцам неспакойным.
Памру. Хіба крук над трупам
Хаўтуры будзе спраўляці,
Дык ноч гляне вокам рупным…
Эх, хоць ты успомні, браце.

X

Глянь душой, дзе, у чым няшчасьце,
З твайго-ж сьмех мне нараканьня, —
З віхраў зімніх не прапасьці, —
Рухне стужа, вясна ўстане,
Ў сьвет глядзі з надзеяй, дружа, —
Вера ў шчасьце не зашкодзіць;
Ня ўсім доля роўна служа,
Ня ўсіх колкай сьцежкай водзіць.
Хоць нож крыўды ўесца ў грудзі,
Хоць нуды сьляпое жала
Кроў смактаці з цябе будзе, —
Стой за праўду, стой як скала.