Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/174

Гэта старонка не была вычытаная

НА НАШЫМ…

На нашым полі
Растуць бадылі, —
Ніхто іх ня поле,
Ня вырве з зямлі.

Над нашай нівай
Крумцяць груганы, —
Ніхто ў іх шчасьлівай
Ня пусьціць стралы.

На нашым лузе
Гадзюкі шыпяць, —
Ніхто іх ня хлудзіць,
Ня гоніць у гаць,

У пушчы ў нашай
Заводзяць зьвяры. —
Ніхто іх ня страша,
Ня гоне ў нары.

На нашым шляху
Калдобінаў цьма, —
З нягоды, ці страху —
Раўняць сіл няма.

У нашай хаце
Тчэ кросны павук,
А вонкі пагнаці
Ня знойдзецца руr.

У нашым краі!
Пануе чужак,
Ніхто не парае,
Пазбыціся як.

Карльсбэрг
28/VIII 1919 г.