Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/176

Гэта старонка не была вычытаная

КАБ…

Каб таму па локаць
Адсушыла рукі
І аб сьценку біўся
Ад балеснай мукі, —
Хто сушыў ў няволі
Люд наш працавіты,
Задаваў вужача
Раны непазбыты.

*

Каб таму крукамі
Пакрыўляла ногі
І да роднай хаты
Не знайшоў дарогі, —
Хто крыўляў нам праўду,
Застаўляў ў прыгоне
Бежанцамі гінуць
На бацькоўскіх гонях.

*

Каб таго скруціла
Гадзінавым скрутам
І прыстала потым
Сухажыльным прутам, —
Хто круціў нам сьцежкі
Да жыцьця і славы,
Засьцілаўшы вочы
Туманом крывавым.

*

Каб таму маланкай
Асьляпіла вочы
І блукаў абмацкам
Ён удзень і ўночы, —