Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/182

Гэта старонка была вычытаная

ЦІ ХТО ДУМАЎ…

Ці хто думаў, ці хто сьніў
Таму дваццаць зім і лет,
Што капыльскі наш гарбар
Гэтак слаўна выйдзе ў сьвет.

Так бунтарна апяе
Быцьця новага сяўбу —
І змаганьне беднаты,
І рабочых барацьбу!

*

Ці хто думаў, ці хто сьніў,
Лапці носячы й рызьзё,
Калі ўсерасійскі цар
Наш народ таптаў з гразёй, —

Што рэспублікі сваёй
Мы уздымем вольны сьцяг,
Абвясьціўшы ўсім, усім,
Што цары ўжо нам ня страх!

*

Ці хто думаў, ці хто сьніў
Таму дваццаць лет і зім,
Што ня хто, а той гарбар,
Каб гучэў саветаў гімн, —

Для свабоднай БССР
(Не для іншай там якой)
Ён прынёс народу дар
Сваёю ўласнаю рукой!

Сьнежань 1928 г.
Менск