Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/190

Гэта старонка не была вычытаная

Як тыя дымы чорныя
Над пушчаю паломанай.

Шушукалі, хіхікалі
Падсуседзі дасужыя,
Назад вярнуцца клікалі —
З натугі, бач, нядужае.

— Куды вам лезьці з віламі?
Так пальцам з боку тыцкалі
Як выйдуць проць з крапіламі
Ды з кулямі англіцкімі.

Ня справіць вам уходзінаў
На новае паселішча,
А сьцежка вамі пройдзена
Абернецца ў папелішча.

Супроць сусьветных правілаў
Ня вам ісьці з паходняю…
Так сыкала, так правіла
Падсуседзтва прыгоднае,

4

Уцякала за ночкаю ночка
За горы,
Паласкаліся ў росах чырвоных
Разоры.

Запалялася сонца аб сонца
Агніста,
Пасыпаліся косьці пасыпкай
Вячыстай.

Рассыпаліся прыскам палацы
І вежы.
Гудам водгульле-рэха ляцела
За межы.