Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/208

Гэта старонка не была вычытаная

АРЛЯНЯТАМ

1

Гэй, узьвейце сваім крыльлем,
Арляняты, буйна, бурна,
На мінулых дзён магіле,
Над санлівасьцю хаўтурнай!
У маланках пяруновых,
З гулкім гоманам грымотаў
Для вякоў дыктуйце новых
Нячувалыя ясноты.
Вам сярпы і косы ў рукі
Ды мячы, каваны з сталі,
Далі буры, завірухі,
Што тут вылі, бушавалі.
Цень мінуўшчыны праклятай,
Дзе бізун гуляў з нагайкай,
Зьмяціцё вы, арляняты,
Сваёй новай сілай, байкай.
Ужо выбіла часіна
На вялікую прыгоду
Выйсьці з мутнай каляіны
Беларускаму народу.
Ў чарадзейным карагодзе,
Ў неабсяжнае свабодзе,
Без аковаў, на прывольлі
Ўжо віхрыцца наша доля.

2

Вам на памяць Серп і Молат
Даравала доля,
Каб з вас кожны быў, як волат,
Ня гнуў плеч ніколі.