Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/222

Гэта старонка не была вычытаная

Сягоньня бачу тут бярозку:
Была жывой--цяпер ляжыць, —
Як маёй смутнай долі цёзку,
Пасьпеў віхор яе скрышыць.

Бяз часу ёй прышлось замерці…
Ляжы, гаротная, ляжы,
Пакуль не разьбяруць па цьверці
Цябе на дровы ці крыжы!
.............
Прыціхне лес ды зноў аб нечым
Шуміць, гамоніць, колькі дуж,
Супроць вятроў каробіць плечы,
Ўвесь выгібаецца, як вуж.

Вароны ў высі крык заўзяты
Узьнялі, бы клянуць сябе,
А дзяцел дзюбаю зубатай
Дзяўбе сасонку ды дзяўбе.

Зязюлька ў тахт „куку“ кукуе,
Як ёй хто голас натачыў;
Лічу, ці доўга павякую…
Замоўкла… мала налічыў.

1926 г.

|}