Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/232

Гэта старонка не была вычытаная

МАЛАДАЯ АЧУНЯЛА

Ах, як сталася ўсё гэта?!
Як-бы нейкая камэта
Натварыла цудаў-чараў
І схавалася за хмару.

Зьнядужэла маладая,
Нібы сьмерць яе зьядае,
Ці-то хоча ці ня хоча,
Зазірае ў самы вочы.

Яе дружкі і нядружкі,
Як дасужлівыя служкі,
Баюць: верце ці ня верце —
Маладая ўжо пры сьмерці;

Што ў яе, мабыць, сухоты,
Або іншыя слаботы,
Не дадуць дажыці веку,
Колькі трэба чалавеку.

Людзі далі ў гэтым веру —
Надта-ж верныя ня ў меру —
Паглядзелі бліжай, далей
І галоўмі паківалі.

— Што-ж рабіць, калі нядужа?
Пахаваем яе, дружа…
Так кум куму зважна кажа;
А ноч цёмная, як сажа!

І ніхто нідзе ня згледзіў,
Як тут рупныя суседзі
У ахвоту аж да поту
Узяліся за работу.