Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/250

Гэта старонка не была вычытаная

ГУТАРКА АБ КЕПСКІМ ГАСПАДАРЫ

Кепска, калі кепскі
Ўдасца гаспадар, —
Сам у сваім доме
Ніякі ўладар.

У яго парадак —
Адпусьці ты грэх:
І сабе на гора,
І людзям на сьмех.

*

Хата ў яго хата —
Дзіркі на страсе,
З печы дым ня ў комін,
А пад столь нясе.

На курынай ножцы
Пуня і хлявок, —
Вецер ім салому
Закасаў на бок.

Зруб у студні зьехаў,
Гразь цячэ ў ваду,
І асьвер і вочап
Толькі на бяду…

А платы навокал —
Тын і частакол, —
Дзе гнілая жэрдка,
Дзе зламаны кол.