Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 6.pdf/251

Гэта старонка не была вычытаная
*

Чыста ў яго, чыста —
Лад вядзе стары;
Лому, гною кучы,
Хоць ты падбяры.

З гноем пад нагамі.
Граблі, вілы, крук,
Пад вакном у лужы
Рыецца парсюк.

Рыцьвіны ды ямы
Па дзядзінцы скрозь,
Ажно калі глянеш
Разьбірае млось.

Сам ён непамыты
Лета і зіму, —
Дзедаў дзед ня мыўся,
Дык чаму-ж яму?..

*

Статак яго, статак,
Не знайсьці нідзе:
З поля і на поле
Чуць ідзе-брыдзе.

Конь сьляпы, з ахватам,
Ходзіць, абыяк,
Есьць адна карова
І ў таей кільчак.

Кашаль сьвіньню душыць,
Ног ня ўзьніме кныр,
„Матылі“ ў авечак —
Круцяцца, як вір.

Вылезла ў ягняці
Воўна дачыста,
А цялё за хлевам
Ходзіць без хваста.